20 том (2022 г.) 25-томнага выдання твораў Уладзіміра Караткевіча змяшчае другую частку яго эпісталярнай спадчыны, якая ахоплівае 1956-1983 гады. Праз яе можна ўявіць і зразумець шмат якія моманты жыцця і творчасці нашага славутага земляка. Адрасатамі пісьменніка з’яўляліся як яго найлепшыя сябры Янка Брыль і Рыгор Барадулін, так і любімыя ім выкладчыкі Аляксандр Назарэўскі і Лідзія Панамарэнка (абодва з Кіеўскага ўніверсітэта), Ніна Молева (з Масквы), а таксама шматлікія таварышы па пісьменніцкаму цэху.

Але нас, зразумела, цікавяць у першую чаргу аршанскія старонкі яго эпісталярнай спадчыны.

«Я люблю пісаць лісты, калі мне весела, – зазначае У. Караткевіч 3 лістапада 1957 года ў лісце да беларускай паэтцы Еўдакіі Лось, –  а калі мне нудна – не псую настрой сваім карэспандэнтам». Было б добра, каб усе кіраваліся падобным правілам!

Лісты, датаваныя другой паловай 1950-х гадоў, распавядаюць пра педагагічную дзейнасць У. Караткевіча ў Оршы. Ён, нагадаю, у 1956-1958 гадах працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе №8. Пра працу настаўніка ён шчыра і з гумарам піша 10 чэрвеня 1957 года ў лісце да Е. Лось: «дзень ненарміраваны і для большасці настаўнікаў, калі толькі яны не безпаваротныя лайдакі і лабідуды. Існуе яшчэ прыгон. Таму і я пад наглядам нашага цівуна, то-бок завуча, і войта, то-бок дырэктаршы, нястомна працаваў на ніве народнай асветы…» Або яшчэ:  «Акрамя урокаў, класнага кіраўніцтва і вучобы ў завочнай аспірантуры ў мяне яшчэ 8 нагрузак.  Сядзіш заўсёды да дзвюх гадзін, устаеш у сем і круцішся – круцішся – круцішся…»

У. Караткевіч-настаўнік. 1957 г.

«Настаўніцкая ніва не жартуе з чалавекам і як схопіць яго ў жорсткія абдоймы, так і не выпушчае: носа выбіць няма калі», – скардзіўся ён 8 лютага 1958 года ў лісце да беларускага паэта Антона Бялевіча (дарэчы, рэдактара першага паэтычнага зборніка У. Караткевіча «Матчына душа»).

Пра сваю настаўніцкую працу распавядаў У. Караткевіч і аднаму са сваіх любімых выкладчыкаў з Кіеўскага ўніверсітэта Аляксандру Назарэўскаму ў кастрычніку 1957 года: «Начальство моё действует по принципу: «Кто везёт, того погоняют». Поэтому оно нагружает меня разными пустыми, но тяжёлыми делами, что трещит хребет. Работаю так, что на сон уходит в сутки часов пять-шесть. И, главное, я настолько привык работать, что мне не хочется спать больше».

Будынак сярэдняй школы №8, дзе Уладзімір Караткевіч
у 1956-1958 гадах  працаваў настаўнікам

Чытаеш гэтыя радкі і сумна ўсведамляеш, што за большы чым 60 гадоў з таго часу на педагагічнай ніве ў лепшы бок нічога не змянілася.

Вядома ж, не мог у сваіх лістах паэт не апісваць мясцовую прыроду да надвор’е.

У маі 1957 года ён піша Еўдакіі Лось: «Вясна, вішні белыя, рака ад берагоў зялёная стала. Тут лепей не пісаць пра гэта, а перажываць. Вось і я туляюся па лясах, як Марка па пеклу, нюхаю пралескі і знаходжуся ў адверта-сентыментальным настроі: вось-вось пачну ліць слёзы над бедным смаржком, якога нехта сарваў і кінуў на дарозе». Дарэчы, Ул. Караткевіч быў заядлым грыбніком, які асабліва любіў і ўмеў шукаць, а таксама смачна гатаваць самыя раннія вясеннія грыбы – страчкі і смаршкі, якіх многія грыбнікі ўвогуле не збіраюць, баючыся атруціцца імі.

Пра восень Уладзімір Караткевіч згадвае ў лісце да Аляксандра Назарэўскага, датаваным вераснем 1960 года: «Сейчас дома… Я пользуюсь прозрачной тишиной, холодным, как льдинка, воздухом ранней осени и работаю в саду. Лязгаю садовыми ножницами (этакий вивисектор!) и стучу лопатой. По утрам сидят на проволоках скворцы, показывают детям гнезда, куда нужно вернуться к весне. А может быть, просто прощаются. Но поют так, что обопрёшься на лопату и минут десять, не сознавая этого, слушаешь их протяжный и чистый свист». У кастрычніку таго ж года ён заўважае: «У нас сейчас довольно одиноко, ночи большие и черные. Когда выйдешь в такую ночь на берег Днепра, он вздыхает в темноте. Немного напоминает о юге, о университете только куст винограда в вазоне и два киевских каштана, которые я вывез совсем детёнышами и посадил под окнами».

Ліпы і каштаны ў двары дома па вуліцы Уладзіміра Караткевіча,
пра якія ён неаднойчы згадваў у сваіх лістах. Фота 2022 г.

Пасля смерці жонкі і любімай цёткі (у лютым 1983 года) У. Караткевіч быў у вялікім смутку і «адчуваў сябе на мяжы нярвовага надлому». «У гэты час толькі роднае бацькоўскае гняздо, толькі родная аршанская зямля маглі крыху суцішыць душэўны боль. – піша ў кнізе «Уладзімір Караткевіч і Орша» Лілія Радомская, стваральніца першага музея нашага славутага земляка. – Таму з 1 чэрвеня па 4 снежня 1983 года Уладзімір Сямёнавіч жыў у Оршы ў сям’і пляменніцы Раісы Барабаш, у бацькоўскай хаце». Ён тады амаль ні з кім не кантактаваў і толькі 28 ліпеня 1983 года пісаў Янку Брылю: «Знік (з Мінску – В.Л.) таму, што стала немагчыма. Адчуваў, што магу памерці. А тут усё ж іншыя ўмовы. Стары сад за акном, ліпы, што я садзіў, вымахалі да неба, дождж шапочацца з лопухамі».

Дзякуючы лістам пісьменніка мы можам даведацца пра нейкія важныя і цікавыя моманты з аршанскай гісторыі. Так, з ліста Антону Бялевічу ад 9 мая 1957 года даведаемся, што ад Мінска да Оршы можна было добра даехаць на новым венгерскім аўтобусе. Хутчэй за ўсё, гэта быў «Ikarus Lux», які пастаўляўся ў былы СССР з 1955 па 1972 год, і працаваў у аўтапарках буйных гарадоў.

2 студзеня 1960 года, вярнуўшыся напярэдадні з Масквы на цягніку ў Оршу, У. Караткевіч пісаў Ніне Молевай: «Приехал домой ночью, час моего приезда перепутали. Такси тоже не нашёл и отправился домой пешком. Думал, так и придётся протопать все три километра. Вдруг сзади рёв мотора и голос:

  • Садитесь.

        — Оглянулся – «чёрный ворон». Занятное положение. Сел в закрытом кузове. Оказывается, старший лейтенант, старшина и шофёр едут на операцию. С пушками. Увидели меня и решили подобрать. Хорошо всё-таки, когда все тебя знают. Ехали. Вели весёлый разговор об обязанностях милиции в праздник. Наша славянщина иногда бывает совершенно бесподобна. На 7 ноября два брата из Заднепровья выпивали и один другому откусил язык. Как это поучилось – ума не приложу. Даже немец такого не придумал бы. Для этого нужен наш талант и размах. Добрался до дома. Улицы синие от снега, тишина, заснеженные молодые сады».

Закончана наша сціплае знаёмства з багатай эпісталярнай спадчынай пісьменніка. Але трэба заўважыць, што не ўсё з яе ўключана у выдаваемы Збор твораў. Нешта яшчэ не выяўлена, некаторыя прыватныя ўладальнікі не падалі лісты да іх, не ўсе архіўныя фонды яшчэ апрацаваны. Але і тое, што ўжо надрукавана, яскрава сведчыць пра геніяльнасць і вялікую працаздольнасць нашага земляка. Уладзімір Караткевіч ліставаўся з дзесяткамі людзей, кожнаму знаходзіў патрэбныя словы і вобразы, шчыра адкрываў сваю душу і сэрца, ды, што казаць, губляў каштоўны час, які можна было б выкарыстаць для напісання сваіх твораў. Але гэта яму было патрэбна, каб лепш і больш глыбока пазнаць жыццё і чалавека. А закончыць хочацца словамі У. Караткевіча: «Каждый из нас неповторим, и с кратким нашим веком исчезает одно яркое стёклышко из огромного калейдоскопа».

Віктар Лютынскі

 

Tags:

Comments are closed