Бадай, ні пра каго з дзеячаў беларускай культуры другой паловы ХХ стагоддзя не напісана столькі кніг і не пакінута столькі ўспамінаў як пра нашага слыннага земляка Уладзіміра Караткевіча, 95-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета.

У 2005 годзе ў серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» выйшаў важкі том «Уладзімір Караткевіч. Быў. Ёсць. Буду! : успаміны, інтэрв’ю, эсэ». У кнізе сабраны матэрыялы, якія ствараюць жывы прыцягальны вобраз выдатнага пісьменніка. Сярод іх ёсць і ўспаміны «Дзядзька Валодзя» Адама Глобуса (сапр. Уладзімір Вячаслававіч Адамчык), беларускага пісьменніка, мастака і выдаўца. Сёлета яны, значна дапоўненыя, склалі  кніжку «Наш сусед Караткевіч. Словы пра выбітнага літаратара Уладзіміра Караткевіча», выдадзеную ў Мінску, на жаль, накладам усяго 100 асобнікаў.

Аўтар успамінаў быў знаёмым з нашым земляком з пачатку 1960-х гадоў, калі з бацькамі (ён – сын пісьменніка В. Адамчыка) жыў на адной лесвічнай пляцоўцы з У. Караткевічам у пяціпавярховым доме №7 на вуліцы Чарнышэўскага ў Мінску. Потым зноў жа з 1973 года жыў з ім на адной лесвічнай пляцоўкі (і зноў на 5-м паверсе) дома №36 па вуліцы Карла Маркса.

Успаміны прадстаўляюць сабой невялікія нататкі, якія датаваны аўтарам з 1963 па 2024 год. У іх ён разважае пра жыццё і творчасць Уладзіміра Караткевіча, згадвае падзеі, непасрэдным удзельнікам або сведкам якіх быў сам.

Па-першае, хочацца прывесці словы з нататкі  «Першы подзвіг» (1964 г.): «Добра, калі герой, якога ты старанна апісваеш, здатны здзесніць подзвіг. Большасць герояў, апісаных Караткевічам, ішлі і рабілі самаахвярныя подвігі». Сваім  «першым і апошнім подзвігам» класік назваў у аўтабіяграфіі тое, што навучыўся «чытаць у тры с паловаю гады, а пісаць трохі пазней». «Наперадзе было дваццаць гадоў жыцця і працы. – падсумоўвае аўтар. – Дваццаць гадоў самаахвярнай працы дзеля літаратуры, дзеля беларусаў і Беларусі, дваццаць гадоў суцэльнага подзвігу».

Пэўную ролю сыграў У. Караткевіч і ў лёсе самаго аўтара: «Дзядзька Валодзя дапамагаў мне стаць афіцыйным паэтам. Ён напісаў рэцэнзію на першы рукапіс майго зборніка пад непаэтычнай назвай «10х10». Адзіная вартасць тых вершаў, што пісаліся яны па-беларуску. Караткевіч знайшоў у іх яшчэ некалькі станоўчых якасцей».

«Цёмныя хмары прыгнёту плылі па-над Беларуссю…» – менавіта да такога сказа можна звесці ўсю творчасць Караткевіча. – піша А.Глобус. – Прынамсі, я так і зрабіў, малюючы комікс для дзяцей паводле аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (выйшаў у 1991 годдзе 250-тысячным накладам – В.Л.)… І пакуль яны будуць плысці, творчасць Караткевіча будзе актуальнай».

Аўтар па просьбе хворага У. Караткевіча ў маі 1984 года аднёс рукапіс яго апошняй кнігі вершаў «Быў. Ёсць. Буду» у выдавецтва «Мастацкая літаратура». «Гартаючы і перачытваючы «Быў. Ёсць. Буду», я з прыемнасцю згадваю і свой зусім маленечкі ўдзел у лёсе выдатнай кнігі».

«Карыстаючыся сучасным вызначэннем, можна сказаць: Караткевіч – народны пісьменнік (так, дарэчы, пазначана на гарэльефе на вуліцы Уладзіміра Караткевіча ў Оршы – В.Л.).  – зазначае А. Глобус. –  Але, добра ведаючы дзядьку Валодзю, думаю: яму б не спадабалася такое вызначэнне. Таму напішу інакш… Уладзімір Караткевіч – легендарны беларускі літаратар».

Шмат піша аўтар пра шчодрасць свайго героя: «У нашай кватэры захоўваўся ключ ад кватэры Караткевіча. Часам мне трэба было паліваць там кветкі. Дзядзька Валодзя дазваляў мне браць у ягонай вялікай бібліятэцы кнігі і часопісы». Згадвае, што Караткевіч не аднойчы дарыў яму альбомы па мастацтве. Некалі стол, за якім У. Караткевіч напісаў свае асноўныя творы, быў аддадзены пасля набыцця для пісьменніка новага вялікага стала сям’і Адамчыкаў на лецішча. «Стол класіка я ахвяраваў кнігарні; ахвяраваў, бо навучыўся ў Караткевіча шчодрасці. Творца павінен ахвяраваць, раздаваць, адорваць; інакш ён – скнара Габсек, а не шчодры творца».

Аўтар адкрыта распавядае пра самае сумнае і трагічнае ў жыцці свайго героя: «Уладзіміра Караткевіча па-сапраўднаму захаплялі і хвалявалі тры рэчы: літаратура, гісторыя і алкаголь. …Дзядзька Валодзя піў, і піў моцна, па тры месяцы не выходзіў з запою… Да таго ж ён піў таемна… Караткевіч спаліў сябе гарэлкай… Выпіўка напрыканцы жыцця стала для Караткевіча цяжарам, хваробай, наканаваннем і ганебнай таямніцай».

«Таму ўсе блізкія да Караткевіча людзі старанна хавалі яго загану – запойнае п’янства,  –  падсумоўвае А. Глобус. –  Зрэшты, а нашто народу было ведаць пра спустошанасць і слабасць жывога героя? Нікога ж не цікавіць, якімі намаганнямі і якімі высілкамі заваёўваецца гэтая вядомасць».

 «Пячэ!!!» – крычаў Караткевіч, калі санітары папрасілі мяне дапамагчы ім апусціць насілкі з пятага паверха»,  –  з нататкі  «Апошняе слова» (1984 г.)… Разам з санітарамі я паехаў у лякарню…  «Пячэ!» – шаптаў засмяглымі губамі Караткевіч. Гэта апошняе слова, пачутае мной ад яго. Хацелася дапамагчы, хацелася выцягнуць яго з пекла, узяць за руку і выцягнуць. За руку я яго ўзяў, а выцягнуць не выцягнуў».

Разважае аўтар і пра ўспаміны іншых асоб пра Караткевіча: «Некалі  збіраў я розныя глупствы, напісаныя і расказаныя пра Уладзіміра Караткевіча… За лгунамі пайшлі графаманістыя паўтаральнікі хлусні… Пра гэтую брыдкую з’яву аднойчы вельмі разумна сказала мая маці, і я не палянуюся паўтарыць: «У іх свой Караткевіч, а ў нас свой». Наш Караткевіч разумны, вясёлы і натуральны. Такім ён быў, ёсць і будзе, прынамсі для мяне».

Застаецца дадаць, што кніга Адама Глобуса – праўдзівы і шчодры ўнёсак у вянок памяці Уладзіміра Караткевіча.

В. Лютынскі

Tags:

Comments are closed