Уладзіслаў Любамірскі
Споўнілася 200 год з дня нараджэння Уладзіслава Яўгенавіча Любамірскага (19.6.2024-24.2.1882), грамадскага дзеяча, навукоўца, філантропа.
Нарадзіўся ў Станіславове (цяпер аграгарадок у Дубровенскім раёне), у маёнтку князёў Любамірскіх. У раннім дзяцінстве застаўся без бацькоў. Вучыўся ў ліцэях Кіева і ў Царскім Сяле каля Пецярбурга. Пасля заканчэння вучобы стаў дзяржаўным службоўцам і займаўся ўпарадкаваннем свайго маёнтка. Любамірскім, як аднаму з багацейшых і ўплывовых магнацкіх родаў, належылі мястэчка Дуброўна і шмат іншых населеных пунктаў, зямель, прамысловых прадпрыемстваў ды тысячы прыгонных сялян на Аршаншчыне і Дубровеншчыне. Таму нядзіўна, што ў 1853-1863 гадах У. Любамірскі быў прадвадзіцелем дваранства Аршанскага павета. Дарэчы, гэта была важная выбарная пасада ў сістэме саслоўнага самакіравання дваранства і мясцовага самакіравання ў Расійскай імперыі (праўда, у савецкі час з’едліва высмеяная Ільфам і Пятровым у рамане “12 крэслаў” у асобе Іпаліта (Кісы) Вараб’янінава). Тым больш яна была вельмі адказнай падчас адмены прыгоннага права (1861 г.) і правядзення сялянскай рэформы.
У Станіславове князь залажыў батанічны сад (і цяпер на паўночна-усходняй ускраіне паселішча захаваліся рэшткі парка, як помніка ландшафтнай архітэктуры), сабраў гербарый мясцовых раслін і каштоўную бібліятэку. Заснаваў бальніцу і пачатковыя школы, дзе вучыліся дзеці яго работнікаў. Дзякуючы некалькім пакаленням князёў Любамірскіх, якія амаль сілком прымушалі сялян саджаць фруктовыя дрэвы, Аршаншчына і Дубровеншчына славіліся ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя сваімі садамі.
Рэшті парка ХІХ ст. у аграгарадку Станіславова (Дубровенскі раён)
Менавіта У. Любамірскі спрыяў стварэнню годнага мемарыяла на магіле выдатнага грамадскага дзеяча, літаратара і навукоўца Тамаша Зана (1796-1855) у Смалянах.
Падчас нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў быў грамадзянскім камісарам Магілёўскай губерні. Падрыхтоўка да баявых дзеянняў і паходу на павятовы горад Горкі праводзілася ў фальварках князя Стэфана Любамірскага (старэйшага брата, прадвадзіцеля дваранства Магілёўскай губерні) – Слепцах, Зарубах ды іншых. З дапамогай студэнтаў Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў ноч з 23 на 24 красавіка 1863 года атраду паўстанцаў пад кіраваннем Людвіка Звяждоўскага ўдалося захапіць Горкі. Аднак мясцовыя сяляне не падтрымалі паўстанцаў, якія былі неўзабаве разбіты царскімі войскамі. Горацкая і Аршанская следчыя камісіі сабралі звесткі на ўсіх западозраных ва ўдзеле ў паўстанні. Адбыўся суд і над братамі Любамірскімі. Стэфан Любамірскі быў прызнаны палітычна неблаганадзейным і высланы ў Пермскую губерню, а Уладзіслаў Любамірскі першапачаткова быў апраўданы, але па рашэнні магілёўскага губернатара таксама быў аддадзены пад надзор паліцыі і высланы ўглыб Расіі.
У. Любамірскі.
Пасля вяртання з Сібіры, з 1867 года жыў ужо ў Варшаве і займаўся навукай, пераважна батанікай і канхіялогіяй. Вывучаў паводзіны раслін пры змене кліматычных умоў. Яго фондамі і цяпер карыстаецца Заалагічны музей Інстытута заалогіі Польскай акадэміі навук. Склаў каталог малюскаў, якія меліся ў заалагічным кабінеце Варшаўскага ўніверсітэта, фінансаваў навуковыя даследаванні, выдаткоўваў грошы на набыццё вучэбных дапаможнікаў. Апублікаваў дзве навуковыя працы, прысвечаныя наземным слімакам Паўднёвай Амерыкі. Сабраў вялікую калекцыю ракавін (8 тысяч), якую ахвяраваў Народнаму прыродазнаўчаму музею.
Памёр 24 лютага 1882 года. Пахаваны на славутых могілках “Павонзкі” у Варшаве.
На жаль, на малой радзіме памяць аб гэтым цікавым чалавеке, які пакінуў добры след у нашым краі, ніякім чынам не ўвекавечана. У Дубровенскім гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць толькі рэпрадукцыя фотаздымка палаца Любамірскіх у Дуброўне, які, зразумела ж, не захаваўся…
Віктар Лютынскі