80 гадоў вызвалення Беларусі
Аршанцы ў Вярхоўным Савеце БССР першага склікання
Напрыканцы мінулага года ў выдавецтве «Беларусь» у серыі «Беларусь помнит: во имя жизни и мира» пабачыла свет грунтоўнае навуковае выданне «Верховный Совет БССР первого созыва (1938-1947)». У ім падрабязна распавядаецца пра дзейнасць і асабовы склад вышэйшага органа дзяржаўнай улады Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, сфарміраванага ў адпаведнасці з Канстытуцыяй 1937 года. Адзін дэпутат выбіраўся тады ад 20 тысяч грамадзян. Выбары адбыліся 26 чэрвеня 1938 года. У іх удзельнічала 99,65% выбаршчыкаў, аддалі свае галасы за кандыдатаў «непарушнага блока камуністаў і беспартыйных» 99,19%. І хоць выбары былі безальтэрнатыўныя (на адзін дэпутацкі мандат прэтэндаваў ўсяго адзін кандыдат), у парламент трапілі акрамя партыйнай і савецкай наменклатуры лепшыя прадстаўнікі рабочага класа, калгаснага сялянства і народнай інтэлігенцыі.
Асаблівасцю дзейнасці ВС БССР першага склікання стала тое, што на яго час выпалі трагічныя гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў. Таму замест 4-х гадоў, «адмераных» яму тады Канстытуцыяй, Вярхоўны Савет першага склікання дзейнічаў амаль 10.
Пра ўраджэнцаў Оршы, якія сталі дэпутатамі, і тых, каго самі аршанцы абралі ў Вярхоўны Савет, абапіраючыся на інфармацыю з выдання, мы і распавядзём.
Ад Аршанскай гарадской выбарчай акругі ў Вярхоўны Савет быў абраны ўраджэнец Оршы Нічыпар Якаўлевіч Наталевіч. Нарадзіўся ён у 1900 годзе. Удзельнік Грамадзянскай вайны, з 1919 па 1937 год служыў на розных пасадах у Чырвонай Арміі. З 14 лістапада 1937 года па 25 ліпеня 1938 года выконваў абавязкі старшыні Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта БССР. Старшынёй Прэзідыўма Вярхоўнага Савета БССР першага склікання быў з 27 ліпеня 1938 па 17 сакавіка 1948 года. Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыў і працаваў у Маскве, актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці Цэнтральнага штаба партызанскага руху. За гэта быў узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, медалём «Партизану Отечественной войны» І-й ступені.
На фота: Н.Я. Наталевіч (стаіць чацвёрты злева) сярод беларускіх партызан. 1942 г.
Дэпутатам ад Пагосцінскай выбарчай акругі (Магілёўская вобласць) быў абраны Іван Іванавіч Сакалоў. Нарадзіўся ў Оршы ў 1910 годзе. Быў членам ВКП(б). Працаваў слесарам ў дэпо. Да вайны быў сакратаром партыйнага камітэта Крычаўскага чыгуначнага вузла. Падчас вайны – на фронце.
Дэпутатам ад Даманавічскай выбарчай акругі (Мінская вобласць) стала Яўгенія Іванаўна Сухадольская. Нарадзілася ў Оршы ў 1893 годзе. Працавала настаўніцай. Стала членам ВКП(б) у 1926 годзе. На момант выбрання працавала загадчыцай сектара партстатыстыкі і адзінага партбілета Дзяржынскага райкама КП(б)Б. Падчас вайны была ва эвакуацыі, працавала загадчыцай райана ў Саратаўскай вобласці. Была ўзнагароджана медалём «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.».
Дэпутатам ад Белынічскай сельскай акругі (Магілёўская вобласць) была абрана ў Вярхоўны Савет Алена Мацвееўна Байкова. Нарадзілася ў Оршы ў 1908 годзе. Была беспартыйнай, з незакончанай сярэдняй адукацыяй. Да вайны працавала сакратаром 7-га тонкасуконнага камбіната ў м. Супрасль (Гродненская вобласць). Падчас вайны ва эвакуацыі, працавала старшынёй аднаго з сельсаветаў у Алма-Ацінскай вобласці Казахстана. Была ўзнагароджана медалём «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.».
Цяпер пра дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР, ураджэнцаў іншых краёў, якія былі абраны ад Аршаншчыны. Так, дэпутатам ад Аршанскай сельскай выбарчай акругі быў абраны Дзмітрый Сцяпанавіч Гусеў, 1902 года нараджэння, родам з Калінінскай вобласці Расіі. На момант выбрання працаваў другім сакратаром Віцебскага абкама КП(б)Б. На пачатку вайны быў начальнікам УНКУС па Гомельскай вобласці. Пасля вайны – намеснік наркама дзяржбяспекі БССР.
Дэпутатам ад Аршанскай чыгуначнай акругі быў абраны ў Вярхоўны Савет Пётр Якаўлевіч Радноў, 1902 года нараджэння, родам з-пад Масквы. На момант выбрання выконваў абавязкі начальніка УНКУС па Віцебскай вобласці. Аднак дэпутацтва яго было непрацяглым. У 1939 годзе быў рэпрэсаваны і расстраляны ў 1940 годзе. Ці засталася потым акруга без дэпутата або адбыліся новыя выбары, на жаль, з выдання нельга даведацца.
Дэпутатам ад Смалянскай выбарчай акругі Аршанскага раёна была абрана Марыя Антонаўна Сцяпанава, 1912 года нараджэння, родам з Горкаўскай вобласці Расіі. Скончыла Маскоўскі тэкстыльны інстытут (1936), стала інжынерам-тэхнолагам. Да вайны працавала начальнікам цэнтральнай лабараторыі Аршанскага льнокамбіната. Падчас вайны ва эвакуацыі, працавала галоўным інжынерам тэкстыльнай фабрыкі «Чырвоная Праца» (г. Кіраў, Расія). Узнагароджана медалём «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941-1945 гг.». Пасля вайны працавала памочнікам намесніка старшыні Савета Міністраў БССР.
За сціплымі радкамі біяграфій большасці дэпутатаў – гады напружанай самаадданай працы і барацьбы за лепшую долю і светлую будучыню беларускага народа.
В. Лютынскі