Месцам, дзе многія аршанцы правялі прыемныя хвіліны свайго жыцця, з’яўляецца, без сумневу, парк культуры і адпачынку, што месціцца ў самым цэнтры нашага горада. Яму сёлета спаўняецца 150 год. Калісьці, спадзяюся, будзе напісана гісторыя гэтага важнага гарадскога аб’екта. Ён таго заслугоўвае. А сёння – толькі асобныя старонкі з мінулага парка.
У 1872 годзе пачаліся работы па добраўпарадкаванні Оршы. На левым беразе Аршыцы, на поўнач ад гарадской турмы (яна месцілася ў будынках былога калегіума езуітаў), дзе вёўся гандаль дровамі і сенам, у 1873 годзе быў закладзены гарадскі сад «в английском вкусе» плошчай больш за дзесяціну (гэта крыху больш за 1 гектар). Добраўпарадкаванне вялося на сродкі гарадскога бюджэта, а таксама на грошы, сабраныя па падпісному лісту. «У гэтым садзе, акрамя звычайных дрэў і кустарнікаў, можна знайсці клён, ясень, таполі і каштаны. – паведамлялася ў «Опыте описания Могилёвской губернии» (1884 г.). – Сад абнесены драўлянаю агароджай і ў ім ўладкаваны невялікі павільён».
Англійскім (ландшафтным, пейзажным, ірэгулярным) парк называецца таму, што для яго характэрна свабодная планіроўка, адсутнасць дакладных геаметрычных форм (іх мелі барочныя рэгулярныя паркі ў «французскім стылі»). Дзіўна было чуць у перадачы пра Оршу аднаго з каналаў ТБ, што англійскім парк назвалі таму, што «деревья и кустарники привезли сюда прямиком из туманного Альбиона».
Дарэчы, што называлі тады «звычайнымі дрэвамі»? Магчыма, ліпу, бярозу ды дуб. Зразумела, тых першых дрэваў у парку даўно ўжо няма. Цяпер тут растуць елка, бяроза, клён, ясень, ліпа, дуб, рабіна, каштан, глог, абляпіха… Якое ж дрэва цяпер самае старое ў парку? На мой погляд, гэта дуб, што расце бліжэй да вуліцы Камсамольскай. Яму больш за 70 год.
З цягам часу гарадскі сад стаў не толькі месцам прагулак для заможнай публікі, але і месцам для правядзення розных грамадскіх мерапрыемстваў. Так, у данясенні магілёўскага губернатара міністру ўнутраных спраў Расійскай імперыі ад 6 ліпеня 1905 года пра рэвалюцыйны рух у Оршы паведамлялася, што «1 ліпеня ў 8 гадзін вечара ў гарадскім садзе сабраўся натоўп дэманструючай моладзі да 100 чалавек, прычым ў гэтым натоўпе было зроблена некалькі стрэлаў».

Фрагмент карты Оршы. 1911 г.

Напрыканцы ХІХ стагоддзя ў паўднёва-усходнім баку гарадскога сада, на рагу вуліцы Пецярбургскай і Дняпроўскага завулка быў пабудаваны драўляны тэатр пад назвай «Мадэрн» (потым ён будзе называцца электра-тэатрам). Уладальнікам яго была гарадская ўправа. У хуткім часе ён стаў прадметам асаблівага гонару аршанцаў. У ім ладзіліся кінасеансы, ставіліся тэатральныя пастаноўкі, выступалі заезжыя артысты. Гарадскі сад з яго хітраспляценнямі маляўнічых сцежак і тэатр сталі ўлюбёным месцам адпачынку гараджан. Арыгінальны будынак тэатра адлюстраваны на фотапаштоўках пачатку ХХ стагоддзя. Нават ёсць фотапаштоўка з выявай плошчы ля гарадскога сада (нічым, дарэчы, не прыкметнай), а вось сам сад, на жаль, ні разу не трапіў у аб’ектыў фатографа (ва ўсякім выпадку мне такія фота не сустракаліся). На фотаздымку з тэатрам можна ўбачыць досыць высокія дрэвы (відаць, з тых першых, што былі пасаджаны пры закладцы парка) і невялікую драўляную агароджу.
На карце Оршы, датаванай 1911 годам, гарадскі сад названы скверам.
Праўда, у гады Першай сусветнай вайны у газеце «Оршанский вестник» (9 красавіка 1915 г.) была змешчана замалёўка, у якой крытыкавалася адносіны мясцовых улад і гараджан да парка: «Наш прыгожы гарадскі сад згубіў сваё значэнне месца для адпачынку і прагулак з тых пор, як узведены будынкі кінематографа («Мадэрн» – В.Л.) і гарадскога пасажа… Публіка наша зусім закінула наш муніцыпальны парк…»


Плошча ля гарадскога сада. Фотапаштоўка. Пачатак ХХ ст.

Гарадскі тэатр. Фотапаштоўка пачатку ХХ ст.

Па ўспамінах краязнаўца Васіля Касперскага, у 1920-я гады на адрэзку, абмежаваным вуліцамі Герцэна (былы Дняпроўскі завулак) і Камсамольскай (былой Магілёўскай), стаялі два будынкі – гарадскога тэатра, рэдакцыі і друкарні газеты «Камуністычны шлях». Паміж імі быў уваход у гарадскі сад.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны у выніку бамбёжкі тэатр згарэў. Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі многія дрэвы ў парку былі высечаны. Уваход у парк быў забаронены, пэўны час там размяшчалася нямецкая зенітная батарэя. На тэрыторыі парка былі пахаваны сотні савецкіх ваеннапалонных, якіх закатавалі ў турме. Пра гэта можна даведацца з акта Аршанскай гарадской камісіі аб знішчэнні мірных грамадзян гор. Орша нямецка-фашысцкімі захопнікамі ад 20 верасня 1944 года. Які далейшы лёс тых магіл, на жаль, не вядома.

Пасля вызвалення Оршы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (27 чэрвеня 1944 года), у парку былі пахаваны больш за сто савецкіх воінаў, якія загінулі ў баях за вызваленне горада. Тут жа былі пахаваны палкоўнікі Чырвонай Арміі Аляксандр Ашуйка і Васіль Кіласанідзе. У 1957 годзе над брацкім пахаваннем будзе ўсталяваны абеліск, побач высаджаны блакітныя елкі.

Гарадскім садам парк называўся да канца 1950-х гадоў, калі быў перайменаваны ў парк культуры і адпачынку імя Ленінскага камсамола.

Уваход у гарадскі парк. Фотаздымак канца 1950-х гг.

У пачатку 1950-х гадоў вакол сада была ўзведзена мураваная агароджа  (гл. фота). Тады ж уваход у парк быў выраблены ў выглядзе фігурнай аркі ў стылі «сталінскі ампір».

На фотаздымках 1950-х гадоў бачна, што парк густа зарослы. Відаць, гарадскія ўлады ўдзялялі парку недастаткова ўвагі (былі іншыя больш важныя справы!), магчыма таму Уладзімір Караткевіч ў вершы «Орша» (1955 г.) называе парк «змарнелым».

Помнік І. Сталіну ў гарадскім парку. Фота Г. Смірнова. 1958 г.

У 1948 годзе на цэнтральнай алеі быў усталяваны помнік (бетонны) Іосіфу Сталіну. У 1961 годзе, на хвалі барацьбы з культам асобы на пастаменце «бацьку народаў» змяніў У.І. Ленін. У пачатку 1990-х гадоў, калі ў горадзе прыбіралі помнікі стваральніку Камуністрычнай партыі і Савецкай дзяржавы, якія не ўяўлялі гістарычнай і мастацкай каштоўнасці, помнік быў з парка прыбраны.

Від на гарадскі сад з боку вуліцы Камсамольскай. Фотаздымак 1957 г.

Звычайна сезон у парку пачынаўся ў пачатку мая. У другой палове 1950-х гадоў у парку меўся летні тэатр (у ім працаваў лекторый, дэманстраваліся кінафільмы), танцпляцоўка (часам, калі граў на ёй духавы аркестр, ён заглушаў выступаючых у летнім тэатры), пнеўматычны цір, на Аршыцы працавала лодачная станцыя. На алеях былі размешчаны стэнды з нагляднай грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай агітацыяй. Меліся сталы з настольнымі іграмі, падшыўкамі газет і часопісаў. Карацей, парк выконваў важную ідэалагічную функцыю выхавання насельніцтва.

У чэрвені 1961 года ў заходнім баку парка быў уведзены ў эксплуатацыю новы летні тэатр на 500 месцаў, на сцэне якога выступалі лектары, прафесійныя і самадзейныя артысты. У ліпені 1967 года, калі ўрачыста адзначалася 900-годдзе Оршы, у летнім тэатры была арганізавана выстава прадукцыі аршанскіх прамысловых прадпрыемстваў. Гэта можна убачыць у дакументальным фільме, знятым тады кінастудыяй «Кіравец».

У 1950-1970-х гадах у парку былі ўсталяваны некалькі атракцыёнаў: ланцуговая карусель «Віхор», арэлі-лодачкі, горкі… Іх памятаюць аршанцы старэйшага і сярэдняга ўзросту.

Цэнтральны ўваход у парк. Фота 1990-х гг.

Летам 1994 года, падчас кампаніі па выбарах першага прэзыдэнта Беларусі месцам сустрэчы кандыдатаў у прэзідэнты з выбаршчыкамі мясцовая ўлада вызначыла парк культуры і адпачынку, бо перад летняй эстрадай маглі сабрацца некалькі соцень гараджан. Тады тут адбыліся шматлюдныя сустрэчы выбаршчыкаў з кандыдатамі ў прэзідэнты Аляксандрам Лукашэнкам, Васілём Новікавым, Зянонам Пазьняком.

Напрыканцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў адбылася карэнная рэканструкцыя парка: агароджа была знесена, захавалася толькі арка, прыбраны атракцыёны, знесены летні тэатр і будынкі, што меліся на тэрыторыі парка. Дарожкі і месцы, дзе былі атракцыёны, былі забрукаваны пліткай, усталяваны розныя дэкаратыўныя канструкцыі, разбіты альпійскія горкі.

Цэнтральны ўваход у парк. Фота 1990-х гг.

Летам 1994 года, падчас кампаніі па выбарах першага прэзыдэнта Беларусі месцам сустрэчы кандыдатаў у прэзідэнты з выбаршчыкамі мясцовая ўлада вызначыла парк культуры і адпачынку, бо перад летняй эстрадай маглі сабрацца некалькі соцень гараджан. Тады тут адбыліся шматлюдныя сустрэчы выбаршчыкаў з кандыдатамі ў прэзідэнты Аляксандрам Лукашэнкам, Васілём Новікавым, Зянонам Пазьняком.

Напрыканцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў адбылася карэнная рэканструкцыя парка: агароджа была знесена, захавалася толькі арка, прыбраны атракцыёны, знесены летні тэатр і будынкі, што меліся на тэрыторыі парка. Дарожкі і месцы, дзе былі атракцыёны, былі забрукаваны пліткай, усталяваны розныя дэкаратыўныя канструкцыі, разбіты альпійскія горкі.

Віктар Лютынскі